Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Янка Купала. Кватэра № 1

  • 17.09.2022
17.09. – 30.10. 2022
 

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы, класіка нацыянальнай літаратуры, акадэміка, першага народнага паэта Беларусі, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры, культуры, мовы.

Вядома, што з 1921 па 1923 гады Янка Купала пражываў у доме на вуліцы Захар’еўскай (кватэра №1). Тут песняром быў зроблены першы пераклад на беларускую мову “Слова аб палку Ігаравым”, а таксама напісаны шэраг паэтычных твораў.

Падзеі ўз’яднання беларускага народа знайшлі адлюстраванне ў творчасці Янкі Купалы. Першым паэтычным водгукам з’яўляецца верш “Верасень месяц…”, дзе сям’я, дзед, унук, бацька і маці ў роднай хаце гавораць з надзеяй на новае шчаслівае жыццё.

Творы Янкі Купалы з’яўляюцца багаццем беларускай культуры, адлюстраваннем глыбіні нацыянальных традыцый, маралі, духоўнай моцы народа.

На выставе можна ўбачыць фотаздымкі Янкі Купалы, яго сваякоў, якія пражывалі ў доме на Захар’еўскай, прадметы і дакументальныя матэрыялы, якія маюць дачыненне да жыцця класіка.

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.