Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фармат памяці

  • 09.07.2021

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Дом-музей I з’езда РСДРП» з 9 ліпеня па 29 жніўня 2021 года будзе праходзіць выстава «Фармат памяці».

Фатаграфіяй, або фотаздымкам, называюць выяву, атрыманую ў выніку фатаграфічнага працэсу. У больш шырокім сэнсе фатаграфія – гэта мастацтва атрымання фотаздымкаў, якія часта з’яўляюцца для нас адзіным напамінам пра мінулае. Аднак не толькі сам здымак можа быць крыніцай інфармацыі, але і яго памер.

Сёння для нас вельмі звыклы фотаздымак памерам 9×13 см, бо ён з’яўляецца стандартным. Але так было не заўсёды: людзі захоўвалі фота на памяць у розных фарматах. На выставе можна будзе прасачыць за развіццём памераў фотаздымкаў у часе.

Адным з першых фарматаў быў візітны. Візіт-картка ўяўляла сабой альбумінавы адбітак на тонкай паперы, замацаваны на тоўстым кардоне. Памер адбітка быў 5,5×9 см, а кардонная аснова-падкладка – 6,5×10 см. Візіт-карткамі абменьваліся з сябрамі і сваякамі. У пачатку 1870-х гадоў візіт-карткі былі выцеснены кабінетным партрэтам. Кабінет-партрэт быў дастаткова вялікім для таго, каб можна было адлюстраваць памяшканне, кабінет або студыю фатографа, адкуль і пайшла назва фармату. Гэта былі ўсё тыя ж альбумінавыя адбіткі, толькі пабольшаныя, яны мацаваліся на кардонную аснову памерам 11×17 см. Пасля 1920-х гадоў найбольш папулярным стаў новы фармат – памерам 9×13 см – у выглядзе паштовай карткі.

На выставе будуць прадстаўлены фатаграфіі канца XIX – пачатку XX стагоддзя, фотаапараты і прыборы для фотадруку пачатку XX стагоддзя, а таксама інтэр’ерная мэбля фотасалона.

Дом-музей I з’езда РСДРП

Адрас: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 31А

Штодня з 11.00 да 19.00, каса да 18.30, без выхадных дзён

Тэл. для даведак: 290-68-47

www.domusmuseum.histmuseum.by

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum