Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Мінск і спорт. Падарожжа ў часе

  • 20.07.2019
Сёння Беларусь можа ганарыцца сваімі спартсменамі ў розных відах спорту – біятлон, хакей, тэніс, футбол, фрыстайл, веславанне і інш. Імёны многіх нашых сучаснікаў навечна ўпісаны ў залатую кнігу гісторыі айчыннага спорту.

У год правядзення II Еўрапейскіх гульняў у Мінску мы прапануем зазірнуць у мінулае і даведацца, якія віды спорту і гульні былі асабліва папулярныя сярод жыхароў Мінска ў пачатку мінулага стагоддзя, а таксама пазнаёміцца з імёнамі тых, хто былі першымі айчыннымі чэмпіёнамі і чые дасягненні ляглі ў аснову перамог сучаснасці.

Варта адзначыць, што першае спартыўнае таварыства з'явілася дзякуючы гарадскому галаве Каралю Чапскаму, які ў 1892 годзе арганізаваў Гарадское таварыства аматараў спорту, затым паўсталі Мінскае веласіпеднае таварыства, таварыства “Sanitas” і інш.

У канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя спорт паступова набірае папулярнасць не толькі ў Мінску, але і ва ўсёй Расійскай імперыі. Папулярным месцам адпачынку для гараджан станавіцца Гарадскі сад (цяпер Парк імя Максіма Горкага), дзе быў пабудаваны першы стадыён, у зімовы час – каток і г.д. Выходзяць розныя тэматычныя выданні: “К Спорту!”, “Спортъ и игры”, “Коневодство и конный спортъ”, “Спортивная жизнь” і інш.

На выставе можна будзе пазнаёміцца з рэканструкцыяй спартыўнага адзення пачатку мінулага стагоддзя, у тым ліку першай мінскай футбольнай каманды, касцюма для гульні ў тэніс, заняткаў гімнастыкай і г.д.