Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Къ спорту!"

  • 15.01.2019

Ні для каго не сакрэт, што сучасная Беларусь па асабліваму ставіцца да развіцця спорту. Імёны знакамітых спартоўцаў сучаснасці А. Герасімені, М. Мірнага, Д. Домрачавай, А. Глеба, А. Хацкевіча, М. Станюты і многіх іншых навечна ўпісаны ў залатую кнігу гісторыі айчыннага спорту і знаёмыя ледзь не кожнаму.

Але ці ўсё мы ведаем пра спартыўныя дасягненні Мінска і мінчан, скажам, сто і больш гадоў таму? Напярэдадні правядзення II Еўрапейскіх гульняў наведвальнікам прапануецца акунуцца ў свет спорту пачатку мінулага стагоддзя, а таксама пазнаёміцца з імёнамі першых айчынных чэмпіёнаў, чые дасягненні ляглі ў аснову перамог сучаснасці і сталі вядомымі далёка за межамі Беларусі.

На выставе ўпершыню будуць прадстаўлены рэканструкцыі спартыўнай моды канца ХІХ стагоддзя, прадметы спартыўнага інвентару, копіі дакументаў і фотаздымкаў таго перыяду, элементы гарадскіх гульняў і шмат іншага.

Акрамя візуальнай атмасферы мінулага стагоддзя наведвальнікі выставы змогуць паглыбіць свае веды аб развіцці дарэвалюцыйнага спорту, гісторыі ўзнікнення першага Гарадскога таварыства аматараў спорту, якое з’явілася дзякуючы гарадскому галаве Каралю Чапскаму ў 1892 годзе, а таксама Мінскага веласіпеднага таварыства, супольнасці цяжкаатлетаў “Sanitas” і інш.

Акрамя таго выстава «Къ спорту!» змяшчае і шэраг інтэрактыўных пляцовак, на якіх можна адчуць сябе сапраўдным плывуном пачатку стагоддзя, сфатаграфавацца ў якасці аднаго з персанажаў фатаграфічнага стэнду тантамарэскі, а асабліва актыўныя наведвальнікі змогуць праверыць свае сілы ў гульні ў кікер.

Не прапусціце ўнікальную магчымасць акунуцца ў атмасферу спорту і руху “За здаровы лад жыцця”, а таксама даведацца шмат цікавага аб гарадскіх актыўнасцях канца ХІХ - пачатку ХХ стст.