Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Падарожжа вакол свету. Маркі з мінулага

  • 07.09.2018

Філатэлія – адна з самых распаўсюджаных разнавіднасцяў калекцыянавання ў сучасным свеце. Гэта калекцыянаванне і вывучэнне знакаў паштовай аплаты (маркі, канверты, паштовыя карткі, паштоўкі, гашэнні) і іншых відаў паштовай дакументацыі.

Але ўсё ж марка – гэта самы папулярны аб'ект збіральніцтва. Сапраўднай з'яўляецца тая марка, якая выпушчана па замове паштовай службы. У ідэальным выпадку – тая марка, што прайшла паштовыя працэдуры пры адпраўленні, пра што кажа гашэнне – адпаведная пячатка на ёй.

Паводле неафіцыйных і вельмі прыблізных падлікаў у свеце існуе ад 50 да 100 мільёнаў калекцыянераў паштовых марак!

Філатэлія - гэта занятак з больш чым 175-гадовай гісторыяй, які стаў для многіх калекцыянераў сэнсам жыцця і магчымасцю панастальгіраваць пра мінулае. Паштовая марка мае арыгінальны малюнак, надпісы, дэкор і служыць дакументальным пацвярджэннем факта аплаты паштовых паслуг, мае пэўны намінальны кошт.

На выставе экспануюцца паштовыя маракі Францыі, Швецыі, Швейцарыі, Італіі, Партугаліі, ЗША, Канады, Мексікі, у тым ліку каланіяльныя маркі з прыватнай калекцыі Вольгі Палітыка. Сярод іншага – марка “Часовай Рады Случчыны” (1920 год). Таксама можна пазнаёміцца з прыкладамі паштовак, канвертаў першай, другой паловы ХХ стагоддзя.