Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



13 Акно

Гуляючы па гарадскіх вулачках, мы перыядычна кідаем погляд на вокны - часам дзеля знаёмства з архітэктурай і яе дэталямі, асабліва калі перад намі будынкі старых кварталаў, аздобленыя дэкаратыўнай ляпнінай і драўлянымі аканіцамі, або мудрагеліста ўпрыгожаныя вокны гатычных касцёлаў, ці проста вокны пякарні або маленькай крамкі, якая гандлюе старадаўнімі прадметамі, што захоўваюць таямніцы мінулых эпох.

А часам вокны становяцца кнігай гарадской душы, якая дазваляе нам убачыць схаваныя ад простага погляду старонкі паўсядзённага побыту, паказваючы, нібы кніжныя ілюстрацыі, жыццё сваіх гаспадароў-аўтараў.

 На выставе прадстаўлены дванадцать работ фатографа А. Ліннэманна (аўтар фотаэкспазіцый "Der letzte Herbst", "Metropolis"), які працуе ў розных жанрах, у тым ліку вулічнай фатаграфіі. Аўтар выкарыстоўвае толькі аналагавыя фотаапараты і часцей чорна-белую плёнку.

Экспазіцыя дэманструе здымкі, зробленыя ў перыяд з 2016 па 2017 год падчас наведвання культурнага цэнтра Галіцыі Львова. У работах адлюстраваны стылістычныя асаблівасці гарадской архітэктуры, спалучэнне актуальных элементаў дэкору і класічных формаў, а таксама перададзена атмасфера сучаснага турыстычнага горада, які здолеў захаваць дух шматвекавой гісторыі і традыцыі розных культур сваіх насельнікаў.

 Наведвальнікам нашай выставы мы прапануем зазірнуць ва львоўскія вокны, якія пакінулі чорна-белы адбітак імгненняў гарадскога жыцця і застылых пад матавым вэлюмам фатаграфіі.